ТАВА́РНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
грамадская форма арганізацыі вытворчасці, пры якой прадукты вырабляюцца для абмену праз куплю-продаж. Абумоўлена грамадскім падзелам працы, эканам. адасобленасцю вытворцаў, неабходнасцю абмену прадуктаў для забеспячэння грамадскіх патрэб праз рынак. Развіваецца і рэгулюецца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі эканам. законамі: вартасці, попыту і прапанавання, канкурэнцыі, грашовага абарачэння і інш. Узнікла ў перыяд першабытнаабшчыннага ладу, развівалася і набыла ўсеагульны характар ва ўмовах класічнага капіталізму і сучаснай рыначнай эканомікі. калі аб’ектам куплі-продажу робяцца ўсе фактары вытв-сці. Існуюць механізмы самаразвіцця і самарэгулявання Т.в., сваёй эканам. дзейнасцю дзяржава дапаўняе і накіроўвае гэтыя працэсы. У сацыяльна арыентаванай рыначнай эканоміцы, напр., можна вылучыць нетаварны сектар, у які ўваходзіць вытв-сць даброт, якія без удзелу рынку пераходзяць у сферу спажывання (фундаментальныя навук. даследаванні, бясплатныя адукацыя, ахова здароўя і інш.). Гл. таксама Таварная гаспадарка.
т. 15, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)